ГУК "Щучинская районная библиотека имени Тётки"

Творчасць Алаізы Пашкевіч 

Творчасць Алаізы Пашкевіч

Пісаць пачала ў 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. Менавіта яна ажыццявіла не ажыццёўленае аўтарам «Дудкі беларускай»: выдала зборнік вершаў пад назвай «Скрыпка беларуская» (1906). У прадмове да зборніка яна пісала: “Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, «Дудка», грай і мне голас дай».

У творчасці Алаізы Пашкевіч яскрава выявіліся асаблівасці фарміравання нацыянальных моўна-стылістычных сродкаў рамантычнай паэзіі, псіхалагічнай прозы, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў. Яе творчасць — і адбітак рамантычнага бачання свету, і выява драматычнага лёсу «жанчыны з бунтарскай душой» — паэткі, рэвалюцыянеркі, міласэрнай сястры, настаўніцы і акторкі.

Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», некаторыя даследчыкі (Я. Колас, П. Мядзёлка, Л. Арабей) лічылі яе аўтарам першага «Беларускага лемантара». Пісала публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.

Мастацкая, публіцыстычная, эпісталярная спадчына Цёткі — вялікі набытак нацыянальнай культуры. Мова яе твораў багатая на самабытныя, індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні і арыгінальнае скарыстанне іх у кантэксце, на разнастайныя эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні, што складае непаўторнасць творчай манеры пісьненніцы. Яе творчасць адлюстроўвае асноўныя працэсы ўзбагачэння вобразна-выяўленчай сістэмы мастацкага твора, сведчыць пра жанрава-стылявую дыферэнцыяцыю і нармалізацыю беларускай літаратурнай мовы ў перыяд яе станаўлення.

Паэзія

У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» (абедзьве 1904) паэтэса надрукавала вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем цяжкай долі селяніна.

Вершы А. Пашкевіч (Цёткі) «Лета» і «Восень» апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасці Цёткі.

Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці. Уключаныя ў яго вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — сапраўдныя шэдэўры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі. Упершыню яны былі раздрукаваны тысячамі экзэмпляраў і распаўсюджваліся сярод паднятых на рэвалюцыйнае змаганне ў 1906.

З дапамогай рамантычна-сімвалічнай тропікі, «вясёлых» харэічных памераў, бадзёрага рытма-інтанацыйнага ладу паэтэса выяўляе настрой рэвалюцыйнай рамантыкі. Як, у прыватнасці, у вершы «Вера беларуса» (1905):

“Веру, братцы: людзьмі станем,

Хутка скончым мы свой сон,

На свет божы шырэй глянем,

Век напіша нам закон.”

Верш заканчваецца адкрытым заклікам да актыўнага рэвалюцыйнага дзеяння: «Рука цвёрда, грудзь акута, Пара, братцы, парваць пута!»

Саму ж рэвалюцыю 1905 года Цётка паказвае ў алегарычным вобразе бурнага мора:

“Мора вуглем цяпер стала,

Мора з дна цяпер гарыць,

Мора скалы пазрывала,

Мора хоча горы змыць.”

Каб чытачы ці слухачы адназначна ўспрымалі змястоўную сутнасць твора, паэтэса раскрывае сэнс алегорыі ў падзагалоўку: «Мора (Рэвалюцыя народная)» (1905). Стварыць аратарскую інтанацыю гэтага верша (як, зрэшты, папярэдняга і многіх іншых) дапамагае не толькі рытміка (чатырохстопны харэй), але і фігуры паэтычнага сінтаксісу: паўторы (анафары, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць), градацыі, паралелізм, рытарычныя воклічы, пытанні і г. д.

У эміграцыі стварыла верш «Суседзям у няволі» (1906), звернуты да ўкраінцаў, якія ў той час таксама, як і беларусы, пакутавалі ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, толькі ўжо ад іншага рэжыму — аўстра-венгерскага. У вершы пасля змрочнага малюнка тагачаснай беларускай рэчаіснасці, пададзенага з дапамогай яскравых мастацкіх дэталей («нагаек царскіх звон», «у нас там ноч», «мы ацямнелі з страшных мук» і г. д.), гучыць просьба-заклік да «суседзяў у няволі»:

“Нас катуюць! Чуйце, людзі!

Чуйце, чуйце, руку дайце!

Мы вам родны! Праўду знайце:

Ці у долі, ці ў нядолі —

З вамі станем ў адным полі,

Рука ў руку з вашым братам

За свабоду перад катам.”

Верш гэты з’явіўся асноўнай прычынай забароны ў Расіі не толькі зборніка Цёткі «Скрыпка беларуская», але і кнігі І. Свянціцкага «Адраджэнне беларускага пісьменства» (Львоў, 1908 г.), у якой ён быў таксама змешчаны.

Не толькі ўздым, але і ўтаймаванне рэвалюцыйнай хвалі выявіліся ў лірыцы Цёткі, пра што сведчыць верш «Мае думкі». Пачаты ён быў у 1905 годзе, закончаны — у 1906 годзе. Гэта выразна патрыятычны верш. Лірычны герой паэтэсы хацеў бы стаць то «зярном пшаніцы», то «рэчкай быстрай», то «ветрам буйным». І ўсё — дзеля людзей, каб іх накарміць, напаіць. Урэшце, каб разбудзіць іх, бо «ад цямноты людзі спяць». Заканчваецца верш даволі песімістычным прызнаннем «ветра»:

“Я там біўся, я там віўся,

Я ім хаты паламаў,

А ўсё ж такі не дабіўся,

Каб народ свой голас даў!..”

Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе лірыкі. Шырока карысталася народна-песеннай сімволікай (вобразы музыкі, скрыпкі, дудкі). Для твораў перыяду рэвалюцыі (1905-07) характэрны публіцыстычная завостранасць, рэвалюцыйны пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду», «Вера беларуса» і інш. сталі хрэстаматыйнымі. Упершыню ў беларускай паэзіі стварыла вобраз рабочага («Пад штандарам»).

Асобны перыяд у яе творчасці склалі вершы 1908-14 гадоў, дзе пераважалі матывы грамадскай журбы і смутку, тугі па радзіме, выявіліся засяроджанасць на долі адзінокага чалавека, зварот да фальклорных вобразаў («З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне» і інш.).

Проза

Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні прасякнуты гуманізмам, спачуваннем да чалавека працы, непрыняццем несправядлівасці («Зялёнка», «Асеннія лісты», «Лішняя» і інш.). Адлюстравала цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве («Міхаська»). Апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і яе вершы, друкавалася ў якасці пракламацыі.

Выступала як нарысіст («Успаміны з паездкі ў Фінлндыю», «3 дарогі»). Фальклорна-паэтычная стылістыка, а таксама індывідуальна-аўтарскае ўжыванне слова, выразу ў нарысе «3 дарогі» — тыя прыёмы, што ствараюць эмацыянальнасць, рамантычную ўзнёсласць, лірызм.

Цётка ставіць беларусам фінаў у прыклад — як народ, які «не мае ў натуры сваёй, каб карыстаць болей за тое, чым плаціць», але пры гэтым захаваў і адметнасць, і мову, і культуру. Літаратар Альгерд Бахарэвіч, які ўвогуле невысока ацэньвае паэзію Алаізы Пашеквіч, заўважае, што падарожныя нататкі з паездкі ў фінскую вёску Лотала паказваюць «зусім іншую Цётку, спакойную, удумлівую, назіральную»… Ён дапускае што, адна гэтая кароткая журналісцкая проза Цёткі мае большую мастацкую каштоўнасць за ўсе яе колішнія прапагандысцкія вершы.

Публіцыстыка

Публіцыстычная спадчына пісьменніцы выяўляе грамадзянскую пазіцыю аўтара, яе высокі дух і эмоцыі ў змаганні за нацыянальнае адраджэнне беларускага народа, будучыні Беларусі — маладых людзей. Звярталася да моладзі з заклікам шанаваць родную мову, рыхтаваць сябе да грамадскай работы: “На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!”

Выступленні пісьменніцы ў перыядычным друку 1914 г. («Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Папараць-кветка») — гэта ўсхваляванае слова да сваіх сучаснікаў і нашчадкаў — берагчы родную мову, захаваць яе як вечны скарб душы. Артыкул «Шануйце роднае слова!», які Сцяпан Александровіч назваў «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле», пераклікаецца з «Пагоняй» М. Багдановіча, з «Ворагам беларушчыны» Я. Купалы, з «У чатырохлецце „Нашай нівы“» А. Гаруна. Выразнасці і эмацыянальнасці выказвання дасягае аўтарка ўмелым скарыстаннем агульнанароднай лексікі, семантычных адценняў слоў, іх эмацыянальна-ацэначнай афарбоўкі.

Навукова-папулярныя артыкулы

   Асаблівасці станаўлення навуковага стылю выявіліся ў артыкулах і нарысах на навуковыя тэмы. Так, у навукова-папулярным артыкуле «Наша народная беларуская песня» пераважаюць лексіка-сінтаксічныя прыёмы, уласцівыя народнай гаворцы, фальклору, мастацкай літаратуры. Моўна-выяўленчыя сродкі, сінтаксічная арганізацыя артыкула «Да дзяўчатак» і нарыса «Гутаркі аб птушках» маюць характэрныя рысы народнай прозы. Спецыфіка фарміравання навуковай тэрміналогіі выяўляецца ў артыкуле «Да школьнай моладзі», у нарысах «Пералётныя птушкі», «Газа». Так, у артыкуле «Да школьнай моладзі» побач са спецыяльнай запазычанай лексікай (батаніка, гіграскапічны) Цётка ўжывае ў якасці спецыяльных батанічных найменняў словы жывой народнай мовы — стрымбульнык, каліва, зёлкі. У яе навуковых артыкулах — выразная тэндэнцыя да стылявой дыферэнцыяцыі беларускай мовы, хоць і надзвычай адчувальныя працэсы ўзаемапранікнення і ўзаемаўплыву.