ГУК "Щучинская районная библиотека имени Тётки"

АНУФРЫЙ ПЕТРАШКЕВІЧ

АНУФРЫЙ ПЕТРАШКЕВІЧ

 

     Паэт Ануфрый Петрашкевіч (псеўданімы Nufr, Stryjaszek) нарадзіўся ў 1793 г. ў Шчучыне ў сям’і небагатага шляхціча. Скончыў павятовую піярскую школу. Працаваў гувернёрам. Сярод яго выхаванцаў быў Ігнат Дамейка, які потым стаў адным з самых блізкіх сяброў паэта. Працягваў адукацыю ў Віленскім універсітэце на факультэце прыродазнаўчых і фізічных навук. Як выхаванец з незаможнай шляхецкай сям’і, А. Петрашкевіч вымушаны быў спалучаць вучобу з працай у т.зв. “масе радзівілаўскай” – камісіі па ўпарадкаванню княжацкай спадчыны, дзе сустрэўся і пасябраваў з Янам Чачотам. У 1816 г. А. Петрашкевіч атрымаў ступень кандыдата філасофіі.
    У 1817 г. разам з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашам Занам Ануфрый Петрашкевіч стаў адным са стваральнікаў тайнага таварыства філаматаў (у перакладзе з грэчаскай мовы “аматараў ведаў”). У пачатку сваёй дзейнасці філаматы ставілі культурна-асветніцкія мэты, вывучалі культуру беларускага, літоўскага і польскага народаў, пазней была распрацавана праграма палітычнай барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. 
   А. Петрашкевіч з’яўляўся адным з самых актыўных дзеячаў таварыства філаматаў. Да 8.4.1819 г. ён кіраваў 2-й секцыяй таварыства (навукі фізічныя, матэматычныя і медыцынскія), у ліпені-кастрычніку 1819 г. выконваў абавязкі намесніка, з 8.10.1819 г. да 2.10.1820 г. – сакратара філаматаў, апекаваў касу (26.6.1818 – 21.10.1820), бібліятэку (да 5.10.1820), архіў таварыства, арганізоўваў многія святочныя ўрачыстасці і цырымоніі, якім філаматы надавалі вялікае значэнне. У 1820 г. распрацаваў структуру таварыста сяброў карыснай забавы (“прамяністых”) – легальнай патрыятычнай арганізацыі студэнатў Віленскага ўніверсітэта (кіравалі філаматы).
   У сваёй паэтычнай творчасці Петрашкевіч свядома выкарыстоўваў матывы і вобразы вуснай паэзіі беларускага народа, яго звычаі і вераванні. Кастусь Цвірка лічыць паэта адным з першаадкрывальнікаў беларускага фальклору. Ужо ў першых вершах “Вёска”, “Беспадстаўная скарга”, “Роздум ля развалін замка Гедзімінава”, якія былі надрукаваны ў “Віленскім штотыднёвіку” за 1817 год, адчувалася ўлюбёнасць аўтара ў свой край, яго народную творчасць і гісторыю.
    У 1820 г. А. Петрашкевіч працягвае навучанне ў Варшаўскім універсітэце, у 1821 г. атрымлівае ступень магістра філасофіі. 15.9.1821 г. паэт накіраваны выкладчыкам геаграфіі, натуральнай гісторыі (прыродазнаўчыя навукі) і латыні ў ваяводскую школу Любліна. Але праца настаўніка не задавальняла Петрашкевіча, які ў канцы 1822 г. вярнуўся ў Вільню, дзе з дапамогай Яна Чачота зноў уладкаваўся на працу ў Радзівілаўскі архіў. Адначасова, разам з Станіславам Казакевічам і Казімірам Пясецкім, кіраваў дзейнасцю філаматаў. У сакавіку 1823 г. Петрашкевіч паставіў перад таварыствам пытанне аб утварэнні яшчэ адной арганізацыі – Патрыятычнага саюза, накіраванга супраць палітыкі царызму. Разам з Міхаілам Рукевічам у Шчучыне пачаў ствараць мясцовую тайную арганізацыю. Пад час следства па справе філаматў паэту спачатку ўдалося пазбегнуць арышту. Гэта дало яму магчымасць захаваць усе матэрыялы таварыства філаматаў, іх паэтычныя творы. Дзякуючы Петрашкевічу сёння ёсць магчымасць чытаць многія творы яго сяброў – Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота, у т.л. напісаныя на беларускай мове. Ануфрый Петрашкевіч стварыў спецыяльны камітэт дапамогі сваім зняволеным сябрам. Арыштаваныя філаматы адразу адчулі матэрыяльную і духоўную падтрымку тых, хто згуртаваўся вакол камітэта. Пазней паэт таксама быў арыштаваны. 9 лістапада 1824 г. разам з сябрам ён апынуўся ў Пецярбурзе. У студзені 1825 г. быў сасланы ў Маскву, дзе як добра падрыхтаваны спецыяліст атрымаў працу ў бібліятэцы ўніверсітэта. У Маскву да Петрашкевіча прыходзілі лісты ад былых філаматаў, раскіданых па ўсёй Расійскай імперыі. З Адэсы пісалі Адам Міцкевіч, Францішак Мілеўскі, Юзаф Яжоўскі, з Пецярбурга – Тэадор Лазінскі, з Уфы – Ян Чачот, з Арэнбурга – Тамаш Зан, з Беларусі – Ігнат Дамейка, Станіслаў Казакевіч, Антоній Адынец. У Маскве Петрашкевіч працягвваў выконваць абавязкі добраахвотнага архівіста таварыства філаматаў. У 1826 г. ён дапамог Адаму Міцкевічу выдаць напісаныя ў Адэсе і Крыме “Санеты”, меў намер выдаць томікі паэзіі Яна Чачота і Тамаша Зана. Амаль у кожным лісце дадому паэт прасіў свайго малодшага брата Юзафа перадаць іх творы, што захоўваліся ў патаемным, вядомым толькі ім месцы. Здзейсніць гэтыя задумкі Петрашкевічу перашкодзіла паўстанне 1830-31 гг., вестку аб пачатку якога ён успрыняў з вялікім энтузіязмам. Разам з афіцэрамі Літоўскага корпуса, якія былі высланы ўладамі ў Маскву за праяўленыя сімпатыі да паўстання, Петрашкевіч марыў далучыцца да паўстанцаў, рыхтаваўся да ўцёку. Былі сабраны зброя, грошы, знойдзены спосаб падрабіць патрэбныя дакументы. 16 чэрвеня 1831 г. паэта з сябрамі арыштавалі. 17 лістапада 1831 г. зняволеныя былі прыгавораны да пакарання смерцю. Два месяцы А. Петрашкевіч чакаў выканання смяротнага прыгавору. 13 студзеня 1832 г. пакаранне смерцю было заменена на пажыццёвую высылку ў Сібір з пазбаўленнем шляхецтва і навуковай ступені магістра філасофіі. З ліпеня 1832 г. асуджаны паэт жыў у Табольску, дзе з 1834 г. апекаваў польскую бібліятэку, заснаваную П. Машчынскім. 
    У 1856 г. Петрашкевічу дазволілі пакінуць Сібір. У 1860 г. ён вярнуўся на радзіму, у Вільню, дзе яго прытуліў у сваім доме брат Юзаф, доктра медыцыны. Гэта быў ужо змучаны жыццём і хваробамі чалавек. “Усё тут змянілася, – пісаў А. Петрашкевіч у Чылі І. Дамейку ў пачатку 1863 г.,  – новае пакаленне чужое для мяне, блізкія сэрцу альбо спяць у магілах, альбо закінуты за мора. Дадай да гэтага маю нямогласць – і будзеш мець поўны мой партрэт, прытым я ўжо без вусоў, зусім іншы і абліччам…”. 7 снежня 1863 г. Ануфрый Петрашкевіч памёр. 

Бібліяграфія

Ануфрый Петрашкевіч  // Памяць: гісторыка – дакументальная хроніка  Шчучынскага раёна. – Мінск, 2001. – С. 110 – 111.

Ануфры Петрашкевіч // Літаратура Беларусі: першая палова 19 ст.: хрэстаматыя . – Мінск, 2000. – С. 39 – 41.

Ермоленко, В. А. Петрашкевич Онуфрий (1793—1863) / В. А. Ермоленко ; В. Н. Черепица // 400 имен: жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины (с древних времен до начала XX века). – Гродно, 2014. – С. 392—393.

Марціновіч, А.  Дзіўны свет – Шчучыншчыны / А. Марцінкевіч //  Полымя. –  2015. –    № 8. –  С.110-123.

Петрашкевіч Ануфрый // Асветнікі зямлі беларускай. X – пач. XX ст. : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 2001. – С. 328.

Петрашкевіч, А.  Роздум каля руінаў Гедымінавага замка / А. Петрашкевіч //  Пяшчота верасу:  Шчучыншчына літаратурная: паэзія, проза, публіцыстыка . –  Мінск. –    2015. –  С. 56-62.

Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі: Ануфры Петрашкевіч / С. Станкевіч // Спадчына . – 1999. – № 1. –  С. 79 – 135.

Цвірка, К.  З кагорты філаматаў //  Пяшчота  верасу :  Шчучыншчына  літаратурная:   паэзія,   проза,   публіцыстыка .   –   Мінск. –    2015.  –  С.  48 – 55.