Уладзімір Мікалаевіч Фядотаў нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і 25 кастрычніка 1930 года ў в.Заполле Шумілінскага раёна, што на Віцебшчыне. У 1942 годзе ўся сям’я Фядотавых аказалася ў партызанскім атрадзе брыгады Караткіна. Валодзя быў разведчыкам і сувязным. Аднойчы хлопчык з бацькам не вярнуліся з разведкі. На лясной дарозе іх напаткалі немцы з паліцаямі. Пасля здекаў бацька быў расстраляны, а Валодзю аглушылі прыкладам і кінулі ў роў з ледзяной вадой. Толькі праз суткі хлопчыка знайшлі партызаны. Ён выжыў, але вайна адабрала здароўе і скараціла жыццё. Уладзімір Фядотаў быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “20 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Пасля вайны Уладзімір Фядотаў закончыў школу, вучыўся ў партыйнай школе, быў накіраваны на Шчучыншчыну. Рэдагаваў газету палітаддзела Дубраўскай МТС, а з 1954 па 1967 год жыў і працаваў у Шчучыне – быў адказным сакратаром, а потым загадчыкам аддзела пісем шчучынскай раённай газеты (“Чырвоны сцяг”, потым газета называлася “Савецкая вёска”). З 1958 года У.Фядотаў – член Саюза журналістаў СССР.
Уладзімір Фядотаў пакінуў дзве аповесці, і абедзве пра вайну – “Мёртвыя застаюцца жывымі” і “Сорок дней”. Кнігі выйшлі ў выдавецтвах “Беларусь” і “Мастацкая літаратура” пасля смерці пісьменніка. Яго не стала 23 лютага 1967 года.
Бібліяграфія:
- Ждановіч, Г. Незабыўная ўсмешка : верш; памяці У. Фядотава / Гвідон Ждановіч // Імгненні жыцця / Гвідон Ждановіч. – Санкт – Пецярбург, 2019. – С. 84.
- Палубятка, Т След яго жыцця / Таццяна Палубятка ; фота аўтара // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2020. — 31 кастрычніка (№ 86). — С. 4.
- Фядотава, А. Ен вельмі любіў жыццё … / Ала Фядотава ; фота з сямейнага архіва // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2020. — 24 кастрычніка (№ 84). — С. 5.
- Фядотава, А. Уладзімір Фядотаў. Памяць аб ім жыве / Ала Фядотава // Дзяннiца. – 2015. – 5 верас. – С. 3.
- Фядотаў, У. М. Мёртвыя застаюцца жывымі : [аповесць] / Уладзімір Фядотаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. – 92 с.
- Фядотаў, У. Мёртвыя застаюцца жывымі : апавяданне / Уладзімір Фядотаў // Пяшчота верасу: шчучыншчына літаратурная. Паэзія, проза, публіцыстыка. – Мінск. – 2015. – С.245-264.