ГУК "Щучинская районная библиотека имени Тётки"

ДРУЦКІ-ЛЮБЕЦКІ ФРАНЦІШАК КСАВЕРЫЙ

   

ДРУЦКІ-ЛЮБЕЦКІ ФРАНЦІШАК КСАВЕРЫЙ

     Францішак Ксаверый Тадэуш Адам Эўзебіюш князь Друцкі-Любецкі нарадзіўся ў снежні 1778 г. ў маёнтку Пагост Пінскага павета. Паходзіў з вядомага княжацкага роду, які карыстаўся гербам “Друцк”. Францішак быў у бацькоў шостым сярод 8 дзяцей. З 1785 г. (па іншых звестках з 18.6.1784 г.) разам з братам Геранімам залічаны ў Санкт-Пецярбургскі кадэцкі корпус, які скончыў у 1797 г. Служыў прапаршчыкам у Нізаўскім мушкацёрскім палку, удзельнічаў у італьянскім паходзе А.В. Суворава (1799). У 1800 г. за храбрасць, праяўленую ў бітве пры Марэнга, атрымаў ордэн св. Ганны 4-й ступені і чын падпаручыка. Пасля цяжкай кантузіі ў 1800 г. выйшаў у адстаўку; жыў у маёнтку Чарлёны Гродзенскай губерніі. У 1807 г. ажаніўся са сваёй 14-гадовай пляменніцай Марыяй Сцыпіа Дэль-Кампа (дачкой роднай сястры Тэрэзы і Юзафа Сцыпіа Дэль-Кампа), пераехаў у Шчучын, маёнтак жонкі і сястры. У 1809 г. абраны Гродзенскім павятовым прадвадзіцелем дваранства (маршалкам). Па справах дваран павета ў лістападзе 1809 г. ад’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе сустракаўся з Аляксандрам I; пазней пазнаёміўся з М.М. Спяранскім. Разам з М.К. Агінскім, Т. Ваўжэцкім, Л. Плятэрам і іншымі Ф.К. Друцкі-Любецкі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы піьмовага праекта па ўтварэнню ВКЛ у складзе Расійскай імперыі, які ў маі 1811 г. быў прапанаваны Аляксандру I (так званы план Агінскага). Разглядаліся пытанні аб межах тэрыторыі, якую меркавалася ўключыць у княства, арганізацыі яго кіраўніцтва, судовай сістэмы, адукацыі і г.д. У канцы 1811 – пачатку 1812 гг. палажэнні плана былі больш падрабязна распрацаваны ў праекце канстытуцыі ВКЛ. У 1811 г. князь Друцкі-Любецкі ўвайшоў у склад заснаванага ў Пецярбурзе “камітэта з лепшых польскіх дваран, пад маркай скаргаў на неаднолькавыя павіннасці”, распрацоўваў свой праект канстытуцыі ВКЛ. 4.9.1811 г. атрымаў чын правадзейнага стацкага саветніка, 21.4.1812 г. узнагароджаны ордэнам св. Ганны Iступені. У пачатку 1812 г. Аляксандр I фактычна адмовіўся ад ідэі аднаўлення ВКЛ, а ў красавіку 1812 г., пасля ад’езду цара ў армію, абмеркаванне плана Агінскага спынілася.

У Айчынную вайну 1812 г. Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі з пачатку чэрвеня знаходзіўся пры Аляксандры I у галоўнай стаўцы ў Вільні, потым у Свянцянах, Пецярбурзе. Царскім указам быў прылічаны да міністэрства паліцыі, знаходзіўся ў арміі. 14.12.1812 г. ў Вільні завочна выбраны прадвадзіцелем дваранства Гродзенскай губерні, з 13.1.1813 г. выконваў абавязкі гродзенскага грамадзянскага губернатара. 2.3.1813 г. пасля сустрэчы з Аляксандрам Iпрызначаны членам часовай Вярхоўнай Рады Варшаўскага герцагства; ад’ехаў у Варшаву. Друцкаму-Любецкаму было даручана прадстаўляць для разгляду Радай справы, якія адносіліся да кампетэнцыі міністэрства ўнутраных спраў. Пазней, у ліпені 1814 г. князь увайшоў у склад грамадзянскага камітэта, заснаванага для паляпшэння адміністрацыі ў герцагстве. У маі 1815 г. Друцкі-Любецкі падпісаў канстытуцыйную хартыю, якая была дадзена Царству Польскаму. З прыпыненнем дзейнасці часовай Вярхоўнай Рады князь быў звольнены са службы ў Царстве Польскім і 22.1.1816 г. прызначаны гродзенскім грамадзянскім губернатарам. У чэрвені 1816 г. ён атрымаў пасаду віленскага грамадзянскага губернатара. На працягу амаль 7 гадоў князь карыстаўся, як губернатар, значнымі даходамі з казённага маёнтка, аднак Віленскай губерніяй ніколі не кіраваў, таму што адначасова з’яўляўся членам заснаванай у Варшаве ліквідацыйнай камісіі для ўпарадкавання фінансавых разлікаў паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Выконваў розныя абавязкі і даручэнні Аляксандра I. Са жніўня 1817 г. Друцкі-Любецкі – старшыня спецыяльнай камісіі, якая праводзіла разлікі паміж Царствам Польскім і Расійскай імперыяй. Паспяховая праца ў камісіях, перамовы з яго ўдзелам у Берліне, Вене (люты 1820 г.) дазволілі значна паменшыць фінансавыя прэтэнзіі Прусіі да Царства Польскага [Берлінская канвенцыя 10(22) мая 1819 г.], прымусілі Аўстрыю пагадзіцца з доўгам на карысць Расіі [канвенцыя 7(19) чэрвеня 1820 г.]. 19 ліпеня 1821 г. князь Друцкі-Любецкі быў прызначаны міністрам скарбу Царства Польскага. На гэтай пасадзе ён здолеў умацаваць разладжаную фінансавую сістэму Царства, для чаго ўвёў строгую справаздачнасць, манаполію на продаж гарэлкі, павялічваў і размяркоўваў падаткі, змяніў сістэму падаткаабкладання, стварыў асобныя камісіі, якія павінны былі поўнасцю спагнаць усе нядоімкі казне. Князь лічыў, што Царству Польскаму патрэбны школы, прамысловасць і гандаль, зброевыя заводы. Ужо ў 1822 г. у бюджэт быў уключаны артыкул расходаў на стварэнне т.зв. жалезнага капіталу, з якога выдаваліся ссуды на будаўніцтва фабрык і заводаў. Адным з галоўных дасягненняў Друцкага-Любецкага як міністра скарбу можна лічыць стварэнне земскага крэдытнага таварыства (1825) і польскага банка (1828). Прыхільнік развіцця Польшчы, Літвы і Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, у перыяд паўстання 1830-31 гг князь, як член адміністрацыйнага савета Царства Польскага, выступаў супраць пагаршэння адносін з Расіяй, не ўвайшоў у склад Часовага ўрада, сфарміраванага паўстанцамі, у снежні 1830 г. прыехаў у Пецярбург. 14.2.1832 г. прызначаны членам Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі. З 2.7.1834 г. да 18.3.1837 г. знаходзіўся ў парыжы, вёў пермовы аб упарадкаванні фінансавых разлікаў паміж Расіяй і Францыяй. У 1841 г. Друцкі-Любецкі прапанаваў Мікалаю Iраспрацаваць ім новую крэдытную сістэму імперыі. Меў 2 сыноў (Юзафа і Аляксандра) і 5 дачок. Памёр 11(23).5.1846 г. ў Пецярбурзе, пахаваны ў Шчучыне ў касцёле св. Тэрэзы.

       Бібліяграфія

  • Друцкія-Любецкія // Бел. энцыкл: у 18 т. – Мінск, 1998 . – Т.8. – С.223
  • Друцкія-Любецкія // Энцыкл. гіст. Беларусі : у 16 т. – Мінск, 1996. – Т 3. –  С 296 – 297
  • Друцкія // Беларусь: Энцыкл давед. – Мн.,1995. – С. 286
  • Донских, С.В. Проблема национальной идентификации в жизни и деятельности Ф. К. Друцкого-Любецкого / С.В. Донских // Шлях да ўзаемнасці : матэрыялы XIV Міжнар. навук. канф., Гродна, 26-27 кастр. 2006 г. / Гродзен. дзярж. ун-т ; пад рэд. С. Мусіенкі, І. Крэня. – Гродна, 2007. – С. 301-308
  • Данскіх, С.У. Друцкія-Любецкія : барацьба за выхаванне спадчыны / С.У.Данскіх // Данскіх С.У. Наш Шчучын / С.У.Данскіх .-  Гродна , 2001 .- С 60 – 75
  • Друцкі-Любецкі, Ф.К. // Памяць : Гіст. – дак. хроніка Шчуч. р –на . – Мн., 2001 .-  С. 101 – 102
  • Крень, И.П. Щучин – древний белорусский город  // Шчучыншчына : Мінулае і сучаснасць : Матэрыялы навук. – практ . краязн канф. – Гродна – Шчучын . –  1995 – 1997. С. 162 – 163
  • Лісоўская, А. Адзін палац, два Шчучыны і Версаль/ Алена Лісоўская// Дзянніца. – 2008. – 16 жн. – С.6
  • Махнач,А. Жыве памяць пра Друцкіх-Любецкіх/ Аляксандр Махнач; запісала Ганна Рудская; фота Аляксея Бібікава // Дзянніца. – 2008. – 16 жн. – С.6
  • Бусько, В. Гродненский губернатор, министр финансов Королевства Польского… / В. Бусько // Финансы, учет. аудит. – 2004. – № 2. – С. 79-80
  • Шубадзёраў, І. Міністр, дыпламат – наш зямляк/ Іван Шубадзёраў// Гродзенская праўда. – 2003. – 9 жн. – С.6
  • Яковлев, А. “Живая вода” для Августовского канала / А. Яковлева // Совет. Белоруссия. – 2003. – 13 дек.
  • Саласюк, В. Тайны княжеских дворцов/ Владимир Саласюк; фото//Советская Белоруссия. – 2000. – 16 дек. – С.10
  • Данскіх, С. Зялёнае багацце Шчучыншчыны /С.Данскіх //Дзянніца. – 1999. – № 5;6;7
  • Каспярчук, С. Шчучынскі касцёл / С. Каспярчук // Дзянніца . – 1998 . – № 83.– С.3
  • Дзежыц, В. Такім быў парк у Шчучыне / В.Дзежыц // Дзянніца . – 1997 . – 19 жн.– С.3
  • Данскіх, С. Міністр і дыпламат са Шчучына/ С. Данскіх // Дзянніца . – 1996 .-  8 чэрв.– С.4
  • Данскіх, С. Тры Тэрэзы Шчучынскага касцёла / С. Данскіх // Дзянніца . – 1995 . – № 88.-С.4
  • Данскіх, С. Таямніцы Шчучынскага палацу / С.Данскіх// Дзянніца. – 1994. – №71. –  С.4
  • Як Шчучын стаў горадам// Дзянніца. – 1994. – №29. – С.3