Генадзь Аляксеевіч Паноў, музычны дзеяч, педагог, кампазітар, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы” дзяржаўнай установы культуры “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, а апошнія гады кіруе і народным хорам польскай песні “Промень”.
Г. А. Паноў нарадзіўся 21 верасня 1949 года ў горадзе Шчучыне. Скончыў 8 класаў сярэдняй і музычнай школы па класу баяна, адслужыў у арміі старшынёй ваеннага аркестра. Генадзь Аляксеевіч атрымаў спецыяльнасць настаўніка музычнай школы па класу баяна і кіраўніка аркестра народных інструментаў у Гродзенскім музычным вучылішчы. Службу нёс у Гродна, быў назначаны начальнікам радыёстанцыі. У час службы ў арміі з дапамогай сваіх аднакурснікаў – музыкантаў утварылі духавы аркестр.
У пачатку 70 – х гадоў пачынае працу ў музычнай школе. Вёў курсы калгасных баяністаў. Пазней у Шчучыне быў створаны духавы аркестр. Ініцыятыўны малады музыкант Паноў на базе класічнага духавога аркестра стварыў свой маладзёжны эстрадны аркестр. Генадзь Аляксеевіч быў канцэртмайстрам народнага мужчынскага хора саўгаса “Васілішкаўскі” і завода “Аўтапровад” (мастацкі кіраўнік – заслужаны дзеяч БССР А.М.Валынчык).
З 1990 года па сённяшні дзень – кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы”, удзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, конкурсаў. Г.Паноў цесна супрацоўнічаў з такімі вядомымі дзеячамі культуры Беларусі, як кампазітары А.К.Шыдлоўскі, А.М. Валынчык, М.В.,Наско, Я.К.Петрашэвіч.
Дзейнасць прафесійнага музыкі, кіраўніка вакальна – харавых калектываў Г.А.Панова на ніве беларускай культуры вядома не толькі ў раёне, вобласці, але і далёка за яе межамі.
Ім напісана звыш 50 мілагучных песень. Усе яны насычаны любоўю да малой радзімы і яе праслаўленнем.
У 2017 годзе імя Генадзя Аляксеевіча Панова ўнесена ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна.
Бібліяграфія:
- Каспер, Г. В. Ён з добрай песняй крочыць па жыцці / Ганна Каспер ; фота аўт. // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2020. — 12 верас. (№ 72). — С. 4.
- Каспер, Г. Лунала музыка над горадам вячэрнім … / Ганна Каспер ; фота аўт. // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2021. — 27 крас. — С. 1, 4.
- Паноў Генадзь Аляксеевіч // Культура Гродзеншчыны: Факты. Падзеі. Асобы. – Мінск. — 2014. — С. 74.
- Ступакевіч, Т. Мы віншуем Вас, маэстра! : вядомы на Шчучыншчыне музыкант Генадзь Паноў стаў лаўрэатам імя А. І. Дубко ў сферы культуры і мастацтва / Таццяна Ступакевіч ; фота аўт. // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2020. — 25 студз. (№ 6). — С.1.
- Цімашчук, Ю. Зорны час музыканта. Ён нарадзіўся на спеўнай прынёманскай зямлі / Юлія Цімашчук ; фота аўт. // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2018. — 5 сн. (№ 96). — С. 5.