Творчая сустрэча “Акрыленыя родным словам”

Творчая сустрэча “Акрыленыя родным словам”

Сёлета спраўляецца 145 гадоў з дня нараджэння нашай славутай зямлячкі, выдатнай беларускай паэтэсы, грамадскага дзеяча і асветніцы Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч, вядомай усяму свету пад псеўданімам Цётка. Яе імя стаіць побач з лепшымі імёнамі ў беларускай літаратуры. Вялікую беларускую паэтэсу, асветніцу і настаўніцу, рэдактара і публіцыста, вучоную і артыстку, сястру міласэрнасці ўзгадвала шчучынская зямля. Жыццё паэтэсы – узор самаахвярнага і самаадданага служэння сваёй радзіме, узор подзвігу ў імя шчасця свайго народа.
13 ліпеня ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі адбылася творчая сустрэча “Акрыленыя родным словам”, прысвечаная 145-годдзю з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і 150-годдзю з дня нараджэння Ларысы Косач-Квіткі (Лесі Украінкі). Шчучыншына гасцінна сустракала тых, хто прыехаў на свята: паэты, пісьменнікі, навукоўцы, знаўцы творчасці Цёткі.
Да юбілею пісьменніц адбылася прэзентацыя кнігі “Акрыленыя родным словам”. Аўтарамі ідэі выдання кнігі біяграфій і вершаў Алаізы Пашкевіч (Цёткі) на ўкраінскай і Лесі Украінкі на беларускай мовах з’яўляюцца Алена Васільеўна Пасюта, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама, і Іван Сцяпанавіч Башняк, першы сакратар Пасольства Украіны ў Беларусі. Шчырыя, пранікненныя словы пра нашу слаўную зямлячку данеслі да прысутных Алена Васільеўна і Іван Сцяпанавіч. Яны расказалі пра сваю працу над кнігай, самыя цікавыя факты з біяграфій, прысутныя даведаліся пра творчы працэс.
Гасцям мерапрыемства была прадстаўлена экспазіцыя бібліятэчных выданняў “Бліскавіца на небе Шчучыншчыны”. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Аляксандравіч Суша зрабіў агляд калекцыі рэдкіх выданняў Цёткі з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аповед пра літаратурную спадчыну нашай зямлячкі дапамог слухачам асэнсаваць магутны, вызначальны ўплыў творчасці і асобы Цёткі на фарміраванне феномена беларускага дзяржаўнага адраджэння.
Далей свята прадоўжылася каля скульптурнага помніка Цёткі. Тут адбылася літаратурна-музычная імпрэза “Яе жыццё жывое слова”. Гучалі вершы гасцей-паэтаў: Кебіч Людмілы Антонаўны, Скаржынскай-Савіцкай Ганны Іосіфаўны, Радзівончык Дмітрыя Мікалаевіча, Тарасавай Святланы Мікалаеўны, Руль Уладзіміра Валер’янавіча, Бяляўскай Галіны Прохараўны. Завяршальным акордам стала цырымонія ўручэння узнагарод пераможцам раённага конкурсу чытальнікаў твораў А.С. Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *